“Кухмістр” размаўляе па-беларуску!

“Кухмістр” размаўляе па-беларуску!

Рэстаран “Кухмістр” працягвае працу над паляпшэннем падтрымкі жывой беларускай мовы супрацоўнікамі!

Новая вышыня – ВІТАЦЦА з усімі па-беларуску! І, вядома, па максімальнай магчымасці кожнага супрацоўніка падтрымліваць размову з гасцямі на роднай мове!

Вось што мы для гэтага робім:

✅ Штотыднёвыя тэматычныя сустрэчы, якія праводзяцца па-беларуску
✅ Цікавыя госці і абмен досведам
✅ Мадэляванне сітуацый з наведваннем беларускамоўнага госця
✅ Яскравы калектыў, які шануе родную мову
✅ Зацікаўленасць кіраўніцтва
✅ Імкненне быць лепшымі ў горадзе і ў краіне

Апроч смачнай аўтэнтычнай кухні, патрэбнае стварэнне і адмысловай цэласнай беларускай атмасферы. Тым больш, што рэстаран наведвае і вялікая колькасць іншаземцаў з усіх куткоў свету.

На адзін з такіх заняткаў з калектывам 25 лістапада быў запрошаны кіраўнік грамадскай ініцыятывы SAY.BY Аляксандр Шастаковіч. Ён распавёў пра псіхалогію беларускамоўнага спажыўца. Пачынаючы з тлумачэнняў, чаму той ці іншы суайчыннік “раптам” пачынае размаўляць па-беларуску. У той час, калі ўсё вакол рускамоўнае, – важна адказваць па-беларуску. Бо любое ветлівае беларускае слова будзе ўспрынятае як падтрымка. І абавязкова палепшыць агульны настрой беларускамоўным гасцям. І, безумоўна, будзе ўплываць на задаволеннасць ад наведвання ўстановы. Ды і госці з іншых краін, пачуюць, што ў рэстаране сапраўды гучыць жывая беларуская мова. І атрымаюць пацвярджэнне ягонай аўтэнтычнасці.

Тут дарэчы будзе нагадаць, што ў “Кухмістры” дзейнічае 5% зніжка для беларускамоўных гасцей.

Супрацоўнікі Кухмістра, у сваю чаргу, падзяліліся сваім нядаўнім досведам абслугоўвання групы настаўніц беларускай мовы. Яны былі настолькі ўражаныя імкненнем падтрымліваць з імі размову на роднай мове, што пакінулі вялікі цёплы водгук у гасцявой кнізе. Напрыканцы сустрэчы быў зладжаны невялікі “інтэрактыўны эксперымент”. У якім Аляксандр Шастаковіч граў ролю наведвальніка, а калектыў “Кухмістра” сябе саміх. Было паспяхова змадэлявана амаль ідэальнае беларускамоўнае абслугоўванне. Атрымалася выдатна! За што адміністратарка, афіцыянтка і бармэн, што ўдзельнічалі ў міні-пастаноўцы, атрымалі кубкі “Беларус[ка]моўны”, ад SAY.BY у падарунак.