Гарачы шакалад і гармонія Сусвету
Ад “горкай вады” – да гарачай асалоды
Элегічны восеньскі настрой лепш за ўсё перажываць, атрымліваючы асалоду ад водару і цеплыні гарачага шакаладу. Яго першаадкрывальнікі, ацтэкі, лічылі, што бабы какава падараваныя ім багамі. Праўда, яны пілі шакалад як халодны – і горкі – напой. Нават само слова xocolātl азначае “горкая вада”. У Еўропе з экзатычным смакам какавы пазнаёміілся ў 1520-х гг. І перарабілі канцэпцыю напою пад свае густы. Шакалад стаў салодкім і гарачым.
Упершыню какава-бабы і прадукты з іх трапілі ў Літву і Беларусь, на сталы мясцовых магнатаў, пры каралі з Саксонскай дынастыі Аўгусце II Моцным (1697-1733, з перапынкам). Якраз у часы росквіту майстэрства тагачасных кухмістраў. Ён быў вялікім аматарам шакаладу – вадкага гарачага, як яго тады толькі ў ўжывалі. Але яшчэ два стагоддзі дарагі заморскі ласунак заставаўся недаступным абсалютнай большасці нашых продкаў. Фунт (каля 0,45 кг) шакаладу, у залежнасці ад якасці, у Рэчы Паспалітай каштаваў столькі ж, колькі 12-20 літраў першасортнай гарэлкі.
У XVIII ст. гарачы шакалад пілі з тыповых кубкаў з 2-ма ручкамі. Як, напрыклад, гэты цудоўны асобнік, выраблены на Каралеўскай парцалянавай мануфактуры.
Славуты шакалад Грубера
У канцы XVIII ст. у полацкім езуіцкім калегіуме выкладаў “свяціла” тагачаснай еўрапейскай навукі, аўстрыйскі езуіт Габрыель Грубер. (Славенец па нацыянальнасці). Пасля забароны Ордэна ў Заходняй Еўропе знайшоў сабе прыстанак у Полацку. Які тады ўжо быў пад уладай Расійскай імперыі. Апроч іншых сваіх дзіўных вынаходстваў, Грубер славіўся і рэцэптам непераўзыдзенага шакаладу. У час свайго візіту ў Полацк у 1797 г. расійскі імператар Павел I меў з Грубэрам працяглыя размовы на навуковыя тэмы. І вядома ж, дэгуставаў яго гарачы шакалад. Пазней у Пецярбургу Павел часта з цеплынёй успамінаў полацкі шакалад. Але там ніхто не змог яму прапанаваць нічога падобнага.
Шкада, што Сакрат выпіў цыкуту, а не шакалад
Нядаўна Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, які працуе ў сценах былога калегіума і ўсяляк імкнецца падкрэсліць гістарычную пераемнасць, аднавіў гістарычны рэцэпт. І цяпер частуе “шакаладам Грубера” шматлікіх экскурсантаў. Яшчэ адным славутым дзівоцтвам Грубера была механічная галава старажытнагрэцкага філосафа Сакрата. Якая ўмела… размаўляць! І якой можна было задаваць любыя пытанні на некалькіх мовах. Дасціпныя і дакладныя адказы моцна здзіўлялі сучаснікаў знакамітага вынаходніка. І сёння гэты былы дзівос таксама рэканструяваны ў Полацкім універсітэце. (Аўтар – вядомы беларускі скульптар, дэкан мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандр Прохараў). Размаўляе «Сакрат» на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай і лацінскай мовах.
Так прыемна ўвосень піць гарачы шакалад у “Кухмістры”! Асабліва з нашых эксклюзіўных кубачкаў ручной працы. Зробленых з малачонай гліны, з любоўю, мастаком-ганчаром, сапраўдным Майстрам! Адключыцца ад мітусні і застацца сам-насам з сабой, са сваймі думкамі і з гармоніяй Сусвету.