Нашы Напалеонаўскія планы 🙂
Пра паходжанне рэцэпта торта «Напалеон» і ягонай назвы існуе безліч версій. Часам жартаўліва кажуць, што іх столькі ж, колькі і слаёў цеста ў гэтым славутым дэсерце. Адна з самых абгрунтаваных, дарэчы, сцвярджае, што пачатковая назва гучала як «напалітэн». І што ўлюбёны ласунак мільёнаў гурманаў насамрэч быў вынайдзены ў Неапалі, нефармальнай сталіцы еўрапейскіх кандытараў. Можа, нават яшчэ ў XVII ст. А цяперашняя назва – гэта пазнейшае скажэнне. Але найбольшую папулярнасць торт займеў у ХІХ ст., калі быў вельмі распаўсюджаны культ французскага імператара Напалеона Банапарта. Абодва гэтыя еўрапейскія культы – торта і імператара – не мінулі і беларуска-літоўскай шляхты. Можна сказаць, што «Напалеон» – імператар тортаў.
А самы славуты з беларускіх Напалеонаў – гэта, безумоўна, мастак і кампазітар Напалеон Орда (1806-1883). Паўстанец 1830 г., эмігрант, дырэктар італьянскай оперы ў Парыжы, хатні настаўнік музыкі, мастак – цягам жыцця ён змяніў шмат заняткаў. Так што ў выніку яго жыццё зрабілася ў нечым падобным на слаёны дэсерт, – хаця ў ім былі зусім не толькі салодкія слаі. Але найбольш славуты Орда сваймі малюнкамі архітэктурных помнікаў і іншых памятных месцаў Беларусі, Літвы, Валыні, Латгаліі . Сярод соцень архітэктурных пейзажаў мастака, многія сёння з’яўляюцца адзінымі крыніцамі ведаў, як выглядалі пэўныя сядзібы, храмы і ландшафты да эпохі сацыяльных катаклізмаў ХХ ст. Гэтыя пейзажы часта выкарыстоўваюцца як аснова для сучасных праектаў рэстаўрацыі. А выявы Мірскага і Нясвіжскага замкаў былі выкарыстаны ў афармленні беларускіх грашовых купюраў.
Рэстаран «Кухмістр» вырашыў таксама звярнуцца да гэтай даўняй традыцыі. З вясны 2020 г. і мы пачали выпякаць свой фірмовы «Напалеон». Ніякіх асаблівых сакрэтаў, класічны рэцэпт – але гарантавана ніякай «хіміі», гэта наш прынцып. Злёгку падсмажаныя пласты слаёнага цеста, французскі заварны крэм на аснове яечных жаўткоў. І любы варыянт дэкаравання па Вашым жаданні. Першыя ўзоры мы аздобілі, як на гэтым малюнку, натуральнымі фіялкамі 🙂 Але гэта можна быць і Ваш імянны надпіс, і іншыя кветкі, натуральныя і крэмавыя, і цукаты і шмат чаго іншага. Нягледзячы на цяпераўшні крызіс, у нас сапраўды «напалеонаўскія» планы на будучыню, пасля заканчэння крызіса 🙂 Апроч цэлых тортаў, мы гатовыя серваваць і дастаўляць таксама і парцыйныя кавалачкі.