Што такое «акавіта»?

Што такое «акавіта»?

Што такое «акавіта»?

Той самы «пяты элемент»

Лацінскі выраз Aqua vitae азначае даслоўна «вада жыцця». Так у сярэднявечнай Заходняй Еўропе называлі таямнічую вадкасць (сумесь спірта з вадой і араматычнымі рэчывамі), якая атрымлівалася ў выніку дыстыляцыі віна або піва. Найбольшага майстэрства дыстыляцыі дасягнулі арабскія алхімікі IX-X cт., якія гэтую ж вадкасць называлі «алкаголь». Еўрапейцы навучыліся гэтаму майстэрству ад іх у выніку Крыжовых паходаў. Таямнічай субстанцыі сярэднявечныя алхімікі надавалі містычнае значэнне. Яе лічылі «пятай сутнасцю» або «пятым элементам» (квінтэсенцыяй) або «духам» (spiritus) усіх рэчаў – адсюль паходзіць слова «спірт». З яе дапамогай было лёгка атрымліваць настоі лекавых зёлак для медыцыны, або настоі духмяных рэчываў – для ўжытку ў парфумерыі.

Ён жа – «зялёны змей»

Спачатку ідэя, што піць Aqua vitae дзеля ап’янення, лічылася занадта прымітыўнай, варварскай. Гэта ўжо трапляючы ў больш шырокія народныя масы, «вада жыцця» ў перакладзе на народныя мовы, атрымлівала значэнне моцнага алкагольнага напою. Так узніклі кельцкае uisce beatha, або проста «віскі» і французскае eau de vie. Выбух папулярнасці «акавіты» як алкагольнага напою адбыўся на мяжы XV і XVI ст. Трактат нямецкага алхіміка Іераніма Бруншвіга Liber de arte Distillandi («Кніга пра мастацтва дыстыляцыі») карыстаўся шалёнай папулярнасцю па ўсёй Еўропе. І паўсюль корчмы звярталіся па ліцэнзію на гандаль моцным алкаголем. Праўда, спачатку і тыя хто піў яе з асалодай, апраўдваліся тым, што гэта нібыта лек. Ад усіх хваробаў.

На нашай глебе

У беларускай традыцыі назва «Акавіта» вядомая з XVI ст. і ўжывалася да чыстага збожжавага дыстыляту двайной або трайной перагонкі (50-70%). У адрозненне ад ардынарнай, або «простай» гарэлкі, або «віна гарэлага», аднакратнага перагону (25-30%). Існаваў такі стары жартаўлівы беларускі тост, запісаны ў ХІХ ст:

— Як ты называешся? — Акавіта. — А з чаго ты? — З жыта. — Пашпарт ёсць? — Няма. — Вось табе турма!

(пасля чаго кілішак «акавіты» выпівалі адным глытком). У сучаснай беларускай папулярнай гістарычнай літаратуры «акавітай» часам называюць любую старадаўнюю гарэлку ўвогуле. Так, дарэчы, яшчэ называлі першы беларускі нацыянальны Інтэрнэт-лічыльнік. Выдаючы пэўнае знаёмства яго вынаходнікаў з нацыянальнай гісторыяй, а таксама добрае пачуццё гумару. На жаль, той аматарскі лічыльнік даўно сканаў.

Akvavit

Аквавіт жа (Akvavit) – гэта традыцыйная нацыянальная моцная настойка (37.5 – 50%) ўва ўсіх скандынаўскіх краінах. Яна можа вырабляцца на аснове як бульбянога, так і збожжавага дыстыляту. Характэрны набор зёлак і спецый для араматызацыі склаўся ў сярэдзіне ХІХ ст. Магчыма, для заглушэння непрыемнага прысмаку бульбянога спірту. У гэты набор, у прыватнасці, могуць уваходзіць: кмен (асноўны кампанент, выдатны сродак для паляпшэння страванвання), кроп, каляндра, цынамон (корица), кардамон, фенхель, аніс, святаяннік (зверобой), цэдра цытрусавых і інш. Падрабязней пра яго гісторыю і сучаснасць можна даведацца тут. Аднак у нашым рэстаране для настойвання выкарыстоўваецца толькі якасны збожжавы (жытнёвы) дыстылят, як і ў іншых нашых настойках. Напой мае падкрэслена «зімні» характар, яго п’юць вельмі халодным (часам нават да – 18°С). Дарэчы, і нашу роднасную краёвую «кменаўку» (настойку толькі на кмене) прынята піць вельмі халоднай. Будзьма! І, спадзяемся, цяпер Вы ведаеце: Што такое «акавіта»?