Беларуская карчма – наш продак

Беларуская карчма – наш продак

Продак сучасных рэстаранаў – даўняя традыцыйная карчма. Калісьці ў Беларусі іх былі тысячы. Іх будавалі на гандлёвых плошчах гарадоў і мястэчак, у некаторых сёлах і фальварках. На гандлёвых шляхах, каля рачных перапраў і прыстаней, млыноў. І ў іншых месцах, дзе праязжала або праходзіла шмат падарожных. Традыцыйна карчма мела ў цэнтры стайню-заезд для коней. Збоку шынок – уласна залу для харчавання падарожных, і адзін або некалькі пакояў для начлегу гасцей. Каля карчмы маглі будавацца бровары, разнастайныя гаспадарчыя збудаванні, гандлёвыя крамы.

Стагоддзямі менавіта корчмы былі стыхійнымі цэнтрамі грамадскага жыцця. Менавіта праз іх распаўсюджваліся і грамадскія навіны, і навінкі тэхналагічныя. Заключаліся гандлёвыя зделкі, таемна сустракаліся закаханыя. Тут маглі нават абвяшчацца палітычныя пракламацыі. Як гэта адбываецца, напрыклад, у карчме Янкеля ў паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Карацей, тут віравала само жыццё, ува ўсёй яго разнастайнасці. Пераважна ад карчмароў літвіны і беларусы даведваліся пра новыя стравы. І з цягам часу пачыналі таксама іх гатаваць. Так, напрыклад, у ХІХ-м стагоддзі ад карчмароў-яўрэяў распаўсюдзіліся стравы з таркаванай бульбы.

У адрозненне ад некаторых сучасных – пафасных і гламурных – устаноў, мы не саромеемся гэтага сваяцтва. У глыбіні душы мы таксама – Беларуская Карчма. Не, ў нас канешне, не бывае п’яных боек і гучных скандалаў:-)  Такіх, што даўней зваліся «карчэмнымі авантурамі». Але часам, напрыклад, гучаць скаргі, што сядзець давядзецца занадта шчыльна. Калі справа адзначаюць гадавіну вяселля, а злева – дзелавая вячэра з іншаземнымі партнёрамі. А вунь там зусім побач – шумна смех з нагоды дня народзінаў. І, быццам бы, занадта гучна граюць  музыкі.

Ну што тут сказаць? Ёсць чапурыстыя стылёвыя рэстараны дзесьці на Рыўеры, або на наберажнай Сены, або на Стрэндзе. Усе ў трэндзе. Дзе жанчыны ў доўгіх вечаровых сукенках з неверагодна глыбокім дэкальтэ, а мужчыны ў смокінгах і з цыгарамі. І стылёвы аркестр на высокай эстрадзе. Бадай, такія ўстановы таксама важныя і патрэбныя. І можа, яны ў нечым лепшыя за нас. І хай ім шчасціць. Але рэстаран «Кухмістр» – родам з дэмакратычнай беларускай карчмы. І спадзяемся, мы ніколі не страцім гэтага даўняга таварыскага духу. Можа, памятаеце даўнюю прыказку? «У карчме і ў бане – ўсе роўныя дваране».

Любіце нас такімі, якімі мы ёсць. Будзьма! Бо мы таго вартыя.