Мы надрукавалі новыя наклады нашых “талераў”!

Мы надрукавалі новыя наклады нашых “талераў”!

Мы надрукавалі новыя наклады нашых “талераў”! Гэта значыць – падарункавых сертыфікатаў, якія даюць права на зніжкі з агульнага рахунку.

5 талераў – Міхал Вельгорскі

На «банкноце» вартасцю 5 талераў – выява Міхала Вельгорскага, перадапошняга кухмістра вялікага літоўскага. Гэтая прыдворная пасада ў Вялікім Княстве Літоўскім была ўведзеная ў канцы XV стагоддзя, на ўзор саюзнага Польскага каралеўства. На лаціне назва пасады гучала як praefectus culinae або magister coquinae. Лічылася,што вялікі кухмістр загадваў прыдворнай кухняй і ўсімі кухарамі, што кармілі двор. Уключаючы нарыхтоўку і пастаўку харчовых запасаў для манарха пад час яго побыту ў ВКЛ. На ўрачыстых прыёмах ён мусіў кіраваць працэсам падачы страў манарху і ягоным гасцям. Але насамрэч пасада была даволі намінальнай, пачэснай. Як і падначаленыя ёй прыдворныя пасады стольніка, падстоляга, крайчага, чашніка, падчашага і піўнічага. На самой справе за стол манарха адказваў “нармальны” кухмістр – прафесійны кухар высокай кваліфікацыі. Які рэдка калі бываў шляхцічам. У 1569 г. гэтая пасада ў ВКЛ была скасаваная ў выніку Люблінскай уніі. Але са ўступленнем на трон у 1576 г Стэфана Баторыя, які любіў добра пад’есці і шмат часу праводзіў менавіта ў ВКЛ, яна была адноўленая. І праіснавала да самых падзелаў дзяржавы ў канцы XVIII ст. Міхал Вельгорскі, чый партрэт вісіць у нас у вестыбюлі, займаў гэтую пасаду ў 1763-1775 гг.

10 талераў – Павел Трэмо

На «банкноце» вартасцю 10 талераў – прадстаўлены “сапраўдны” кухмістр, практыкуючы, і не абы-які. А сам Павел Трэмо, «першы кухмістр Еўропы» і галоўны прататып нашага патрона, які і сустракае гасцей пры ўваходзе. Пра ягоную біяграфію прапануем прачытаць падрабязней па спасылцы.

10 талераў – Павел Трэмо
10 талераў – Павел Трэмо

Тут коратка скажам толькі, што менавіта ён верна карміў апошняга караля Станіслава-Аўгуста Панятоўскага. Быў галоўным рэфарматарам састарэлай «сармацкай» кухні. І выхаваў Яна Шытлера – аўтара першых кулінарных кніг у Літве і Беларусі.

Навошта «талеры» патрэбныя?

Жартоўныя сертыфікаты-«талеры» даюць права на цалкам рэальную зніжку для іх уладальнікаў. Адпаведна абазначанаму наміналу, але ў сучасных беларускіх рублях. І пры замове агульнай сумай не менш за 30 і 50 рублёў, адпаведна. Памер іх – як у стандартнай банкаўскай карткі. Мы дорым іх, напрыклад, пад час розных акцый, або онлайн-віктарынаў. Або проста тым гасцям, якіх абавязкова хацелі б убачыць у нас яшчэ раз. Бо не толькі госці атрымліваюць асалоду ад наведвання рэстарану. Бо асам даводзіцца прымаць такіх гасцей, частаваць якіх – ужо асалода 🙂

Да магчымасці ўвядзення сапраўднай беларускай грашовай адзінкі пад назвай «талер» мы ставімся даволі іранічна. Але як да забаўкі, якая дапамагае ўваскрасіць у памяці пэўных дзеячоў і артэфакты беларускага мінулага – цалкам пазітыўна. Не ў тых невялікіх зніжках справа, а ў знаках увагі да нашай з Вамі гісторыі.