Тутэйшыя абярэгі ў «Кухмістры»

Тутэйшыя абярэгі ў «Кухмістры»

Тутэйшыя абярэгі ў «Кухмістры». Сімпатычныя этнічныя сувеніры ад  Этна-крамы «Рагна» цяпер можна набыць і ў нас.

Мы маем гонар прадставіць тут нашых добрых сяброў і партнёраў, Этна-краму «Рагна». І перадусім іх калекцыю сувенірных беларускіх абярэгаў. Арыгінальная ўласная калекцыя «Рагны» распрацаваная на падставе рэальных археалагічных знаходак з усёй тэрыторыі Беларусі.

Абярэгі, або амулеты  –  гэта прадметы, звычайна невялікага памеру, якія нашы продкі надзялялі магічнымі ўласцівасцямі. Здольнасцю засцерагаць ад няшчасцяў і сурокаў, прыцягваць каханне і ўдачу, спрыяць у самых розных жыццёвых і прыродных варунках. Найстаражытнейшыя абярэгі на тэрыторыі Беларусі паходзяць з эпохі неаліту. У прыватнасці, з паселішча на Крывінскім тарфяніку (Бешанковіцкі раён), або з-пад вёскі Камень Пінскага раёна. У жалезным веку іх разнастайнасць і набор ахоўных функцый істотна пашырыліся. Апрача прасвідраваных зубоў і касцей жывёл, пачалі выкарыстоўваць разнастайныя металічныя амулеты. Напрыкад, з’явіліся гэтак званыя лунніцы. То бок, упрыгожанні ў выглядзе паўмесяца, звязаныя з культам начнога свяціла.  На раскопках раннесярэдневяковых курганоў знойдзена шмат падвесак у выглядзе мініяцюрных сякер. Гэты сімвал Пяруна, хутчэй за ўсё, азначае прыналежнасць да ваярскага саслоўя.

Археолагам сустракаецца шмат амулетаў у выглядзе конікаў. Як вось гэтая знаходка з Гальшанаў ХІ-ХІІ ст. Якая стала прататыпам для сімпатычнага абярэгу ад «Рагны». Ахоўваць здароўе ўладальніка мусілі медальёны-змеевікі. А таксама “змеегаловыя” бранзалеты. Іх знаходзяць пераважна на поўначы  Беларусі, на гістарычных землях крывічоў, латгалаў, літоўцаў. А вось такая імітацыя змяі паходзіць з даўніх земляў радзімічаў. У часы паганства ў  якасці амулетаў насілі крыжападобныя падвескі. А пасля прыняцця хрысціянства — ужо ўсвядомлена, крыжыкі.

Калекцыя «Тутэйшыя абярэгі» ад «Рагны» – гэта дакладныя копіі літых рэчаў розных часоў. Часам паменшаныя. Але абавязкова – рэплікі рэальна знойдзеных на тэрыторыі сучаснай Беларусі рэчаў. Некаторыя з іх сапраўды мелі функцыю абярэгаў у даўнія часы. А некаторым формам яе надае ўжо фантазія сучаснага чалавека. Густоўныя прагістарычныя формы набываюць сёння новае годнае жыццё. Даючы нам магчымасць дакрануцца да сімвалічнага свету далёкіх продкаў. Ад якога, авохці, не засталося пісьмовых сведчанняў.

Тутэйшыя абярэгі можна набыць непасрэдна ў нас, у «Кухмістры», ў камплекце з матузком і апісаннем. Па цане 15 руб. Таксама прапануем набыць маляўнічыя паштоўкі з выдатнымі мастацкімі выявамі беларускіх страў. Гэта выдатныя ўзоры творчасці мастачкі Яніны Ваховіч. Большасць якіх Вы ў нас жа зможаце і пакаштаваць.