Пахне чабор… Чуеце? А што для вас значыць гэты водар? І нават само слова — назва духмяных зёлак?
У апошнюю чвэрць стагоддзя існавання БССР (1966-1991) чабор зрабіўся адным з нефармальных сімвалаў Савецкай Беларусі, увасобленым у дзясяткі паэтычных вобразаў і камерцыйных брэндаў. Памятаеце славуты верш Петруся Броўкі «Пахне чабор»? У тыя гады яго ў школе абавязкова вучылі на памяць. А народную песню пра міленькага, у якога «крывыя ножкі»? Зборнік вершаў Ларысы Геніюш называўся «На чабары настоена». А песня ВІА Чараўніцы, хіт 1982 году — «Пах чабаровы». «Чабарок» — так у БССР называліся безалкагольны напой, цукеркі, узорны дзіцячы ансамбль танца, санаторый пад Баранавічамі, шматлікія прадуктовыя крамы і, дарэчы, у некалькіх гарадах (ведаем прынамсі пра Гомель і Наваполацк) — флагманскія рэстараны беларускай савецкай кухні. Такі вось сімвал беларускага савецкага патрыятызму. Сёе-тое з таго суквецця «Чабаркоў» па інэрцыі дажыло і да нашых часоў, вось толькі мала хто з сучасных беларусаў адчувае той моцны нацыянальны сімвалізм (хай сабе і абмежаваны строгімі рамкамі савецкага «гета»), які ўкладаўся ў вобраз гэтых духмяных зёлак у 1970-я і 80-я.
А можа, ёсць сярод нашых сяброў тыя, хто рэальна ўжывае гэтую расліну ў кулінарыі? Або памятае, як гэта рабілі ў сям’і, — матулі і бабулі? Падзяліцеся сваймі ўспамінамі! Аўтары найлепшых адказаў, як звычайна, атрымаюць нашы невялічкія прызы — фірмовыя сувеніры і сертыфікаты на наведванне рэстарану вартасцю 10 руб.
Вынікі конкурсу, які асвятляецца таксама на нашай старонцы ў Фэйсбуку, будуць падведзеныя 29 ліпеня.









