Унікальная карта Вялікага Княства Літоўскага ў нашым вестыбюлі
З 2018 г. у нашым вестыбюлі мы з годнасцю прадстаўляем унікальную карту Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) 1613 г. Яе ў нашай культуры прынята называць «Радзівілаўскай». Бо яна падрыхтаваная і надрукаваная на сродкі найбагацейшага магната ВКЛ Мікалая Крыштафа Радзівіла «Сіроткі». Да ягонага часу наша дзяржава не мела ўласнай картаграфіі. Або, прынамсі, не мела паўнавартаснай карты ўсёй тэрыторыі дзяржавы, створанай на падставе мясцовых ведаў і здымкаў. Усе ранейшыя аглядныя картаграфічныя выявы ВКЛ былі створаныя замежнымі картографамі, якія ніколі не бывалі ў ВКЛ. Каб выправіць сітуацыю, з ініцыятывы і на асабістыя сродкі Мікалая Крыштафа Радзівіла больш за 15 гадоў вялася вялікая падрыхтоўчая праца. У тым ліку тапаграфічныя здымкі на мясцовасці.
Усе сабраныя матэрыялы сцякаліся ў галоўную Радзівілаўскую рэзідэнцыю – у Нясвіж. У цэлым, карта была скончаная да 1603 г. Аўтарам малюнку і мастацкага афармлення карты выступіў вядомы польскі гравёр Томаш Макоўскі. На карце маштабам 1 : 1 293 000 пазначаныя 544 населеных пункта ВКЛ. З іх 342 на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Як масавае картаграфічнае выданне яна ўбачыла свет у 1613 г. у Амстэрдаме, у майстэрні славутага картографа Вільяма Янсона Блаў. І на наступныя 170 гадоў вызначыла картаграфічны вобраз Літвы і Беларусі. Такая грунтоўная праца сведчыла пра інтэлектуальную спеласць і эканамічную заможнасць нашага краю. І яскрава сведчыла пра супрацоўніцтва дзяржаўных і інтэлектуальных эліт краіны.
Гэтая копія зроблена з самага ранняга варыянту карты насценнага фармату. Арыгінал захоўваецца у бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары (Herzogin Anna Amalia Bibliothek). Такі варыянт расфарбоўкі сустракаецца ў сучасных копіях дастаткова рэдка. І мы ганарымся гэтай выявай як сведчаннем нашай адданасці традыцыям айчыннай гісторыі і культуры. Гэтаксама як і іншай нашай знакавай выявай – раставой постаццю Кухмістра, нашага сімвалічнага патрона.
Падрабязней пра карту можна прачытаць на нашым партнёрскім сайце imago.by