Дом Сумаравых і Дом Сапегаў
Часам у рэстаране «Кухмістр» бываюць такія госці і такія падзеі, якія запамінаюцца надоўга. Прынамсі, запамінаюцца нам, супрацоўнікам. Сустрэча розных пакаленняў сям’і Сумаравых, якую мы мелі гонар прымаць у канцы лютага – менавіта з такіх. Сімвалічна, што яна адбылася ў нашай VIP-зале. У якой на пачэсным месцы вісіць карціна «Ружанскі палац Сапегаў». Напісаная Кацярынай Сумаравай на пачатку 2019 г., яна выдатна перадае веліч і прыгажосць галоўнай рэзідэнцыі славутага магнацкага роду. Надзеленага самымі рознымі талентамі і шматкроць праслаўленага рознымі заслугамі ў нашай гісторыі. Няўмольны час не здолеў перамагчы памяць роду, і сёння яна вяртаецца з нябыту. Разам з такім яскравым і відавочным матэрыяльным сімвалам, як гэты Палац. Сёння ён адраджаецца, і штогод яго наведвае ўсё болей людзей.
Карціна – сімвал пакалення

Але ж і самі Сумаравы – таксама Род. Мастацкая дынастыя, добра вядомая ў Беларусі і за яе межамі. Васіль Фёдаравіч Сумараў праславіўся на пачатку 1970-х. На ўвесь тады яшчэ Савецкі Саюз прагрымела карціна «Мой дом» (1970-1973). Сёння яе арыгінал можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. На ёй мы бачым двухпавярховы драўляны дом на вуліцы Беларускай, недалёка ад чыгункі. У якім нарадзіўся і доўга жыў мастак. Сумараў перастварыў тут нанава цэлы Сусвет: сябе, бацькоў, суседзяў, святло і цяплыню свайго дзяцінства. Суровыя ідэйныя крытыкі адразу ж абвінавацілі карціну ў «без’ідэйнасці» і ледзь не ў «дробнабуржуазнасці». А камусьці з дысідэнтаў яна магла падасца, наадварот, занадта «савецкай». Але час абвергнуў такія павярхоўныя ацэнкі. Сёння мы бачым на славутай карціне сімвалічную панараму жыцця некалькіх пакаленняў мінчукоў. Бачым перамогу міра, працы і кахання над гвалтам і нянавісцю. Менавіта ў гэтым доме мастак пачаў сваё жыццё ў 1938 г., тут перажыў жахі акупацыі. У гэтай добрай, светлай, вонкава наіўнай карціне сканцэнтраванае самае лепшае і сумленнае з савецкага перыяду гісторыі нашага гораду.
Настаўнік жывапісу і жыцця
Карціны Васіля Сумарава сёння знаходзяцца ў дзясятках музеяў і прыватных калекцый па ўсім свеце. Але яшчэ больш ён вядомы як педагог, Настаўнік. Праз дзіцячую студыю пры Палацы культуры тэкстыльшчыкаў, якой ён кіраваў, а дакладней, праз ягонае сэрца, прайшлі больш за 1000 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сярод іх дызайнеры Дзмітрый Сурскі і Міхал Анемпадыстаў, мастакі Ігар Бархаткоў, Марыта Голубева, Ганна Балаш, Лада Шчасная, Андрэй Задорын, Аляксандр Дзямідаў , Эліна Малішэўская, культуролаг Юлія Чарняўская, і іншыя. А Раман Заслонаў, дарэчы, вядомы не толькі як мастак, але і як рэстаратар, наш калега па «цэху». Дачкі Васіля Фёдаравіча Дар’я Сумарава-Копач і Кацярына Сумарава, – аўтарка нашага “Ружанскага палацу» – таксама прафесійна займаюцца жывапісам. Іх творы выстаўляюцца і прадаюцца і ў Беларусі, і за мяжой. Падрастае ўжо і трэцяе пакаленне мастакоў з гэтай сям’і. Жыццё працягваецца.
Гэтую пераемнасць мы прачытваем нават яшчэ глыбей. І велічны Дом Сапегаў, і іх род, і дом і род Сумаравых – гэта выкананне аднаго і таго ж вечнага запавету жыцця. Сумленная праца, клопат пра працяг жыцця, захапленне яго прыгажосцю і выражэнне яе мастацкімі сродкамі, выхаванне чуласці ў кожнай душы – нам заўжды былі блізкія гэтыя фундаментальныя падставы Быцця. І менавіта таму нам надоўга запомніцца гэтая сямейная сустрэча.
Чытайце яшчэ:
Ружанский дворец Сапег в нашем интерьере
“Иван” – знаменитый парадный кубок рода Сапегов из Ружанского дворца