Судак па-палеску – наша новая эксперыментальная страва
Адной з самых цікавых рэгіянальных кухняў у Беларусі па праве лічыцца кухня палеская. Асабліва Заходняга Палесся. Да нядаўняга часу яна захоўвала мноства вельмі архаічных рысаў. Якія, магчыма, паходзяць яшчэ з даўніх часоў агульнаславянскага адзінства. Адной з такіх яркіх рэгіянальных рысаў шмат стагоддзяў, а можа быць, і тысячагоддзяў, было перавага ў побыце палешукоў проса. (А таксама грэчкі). Проса было не толькі самымі распаўсюджанымі крупамі. Але ў многіх выпадках у прыгатаванні страў яно замяняла і пшанічную муку. Каша з проса была найпершай стравай на Палессі. Густой, як мамалыга, гэтую кашу варылі для ўжывання з малаком і скваркамі. А вадкай – для куляшу, крупніка, які тут часцей называлі «крупенік». Менавіта на Палессі найбольш часта варылі кашы-«размазні» на сыроватцы або маслянцы. Абрадавую кашу з проса гатавалі і на хрэсьбіны («бабіна каша»), і на памінкі. З ёю паміналі «Дзядоў» у восеньскае свята, прысвечанае духам продкаў. З просам гатавалі баршчы, капуснікі і іншыя супы. Дадавалі ў фарш для галубцоў – заміж цяперашняга рысу. Вось гэтай забытай усюдыіснасцю проса, яго універсальнасцю ў палескай кухні мы і натхняліся. Калі распрацоўвалі нашу новую эксперыментальную страву: Судак па-палеску.
Гэта смажаны (і толькі злёгку даведзены ў канвектамаце) судак. Якога мы падаем з кашай з проса , змяшанай з пюрэ з гарошку. І упрыгожанай лустачкамі свежай радыскі. Дарэчы, шырокае выкарыстанне гароху і іншых бабовых – яшчэ адна ўстойлівая рыса традыцыйнай палескай кухні. Для паўнаты шчасця нам не хапае хіба толькі таго, што сам судак – не з Прыпяці. Але мы спадзяемся, што надыйдзе святочны дзень. Калі стравы, названыя ў нашым меню «палескімі», будуць і гатавацца з прадуктаў, закупленых у палескіх фермераў і рыбакоў.